Яроцкая Людміла Міхайлаўна

Нарадзілася 19 сакавіка 1961 года ў вёсцы Смаляніца Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.

Кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Смаляначка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры дзяржаўнай установы культуры “Пружанская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”, асноўнай дзейнасцю якой з’яўляецца папулярызацыя народнай творчасці і зберажэнне традыцыйнай культуры рэгіёна.

Людміла Міхайлаўна – патомны майстар па ткацтву, вышывае гладдзю і крыжыкам, займаецца рэканструкцыяй народнага касцюма сваёй вёсцы. У яе калекцыі захоўваюцца некалькі касцюмаў, вырабленных яе маці, свякрухай і бабулей.

Майстрыха з’яўляецца захавальніцай народных традыцый, ведае шмат фальклорных песень, абрадаў і мясцовых побытавых танцаў. Усе свае ўменні і веды перадае падрастаючаму пакаленню. Праводзіць майстар-класы па ткацтву і вышыўцы для падлеткаў і дарослых. У Навасёлкаўскім сельскім клубе існуе пакой этнаграфіі, дзе захоўваюцца старадаўнія ручнікі, посцілкі, дываны, іконы, мэбля, прадметы быту і многае іншае.

Людміла Міхайлаўна шмат увагі надае развіццю навыкаў народнага рамяства, арганізацыі выстаў, правядзенню майстар-классаў па адраджэнні народнай творчасці. Яна даўно атрымала народнае прызнанне за сваё майстэрства, з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых, абласных, рэспубліканскіх выстаў, конкурсаў, фестываляў. У скарбонцы майстрыхі шмат узнагарод за зберажэнне і развіццё традыцыйнай культуры.