ІВАНОВІЧ Вольга Паўлаўна
1978 г.н.
г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці
Вольга Паўлаўна Івановіч – майстар народных промыслаў. Яе профіль – традыцыйны мастацкі роспіс па тканіне, шкле, дрэве і гліне.
Нарадзілася ў вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1996 годзе скончыла Кобрынскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №105 па спецыяльнасці “Майстар роспісу па дрэве”. Пачынаючы з 2015 года працуе майстрам народных промыслаў і рамёстваў у дзяржаўнай установе культуры “Ганцавіцкі раённы дом рамёстваў”. На пасадзе майстра народных промыслаў і рамёстваў Вольга Паўлаўна адкрыла новы напрамак работы ўстановы па традыцыйным мастацкім роспісе, вывучыла асаблівасці і традыцыі роспісу на тэрыторыі Ганцавіцкага і суседніх раёнаў, сабрала багаты этнаграфічны матэрыял па традыцыйным роспісе, распрацавала і ўкараніла ў работу ўстановы праграму дзіцячых заняткаў у майстэрні па роспісе “Рукатвор”.
За час працы ва ўстанове, Вольга Івановіч правяла працаёмкую работу па рэканструкцыі традыцыйных маляваных дываноў і далей працягвае творчую дзейнасць у гэтым накірунку.
У якасці майстра па традыцыйным роспісе Вольга Паўлаўна неаднаразова прымала ўдзел у шматлікіх фестывалях і выставах міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. На яе творчым рахунку шмат узнагарод.