ДРАНІКІ

“СТРАВЫ З ТАРКАВАНАЙ БУЛЬБЫ (ДРАНІКІ, БУЛЬБЯНЫЯ БЛІНЫ, БАБКА І ІНШЫЯ) – ТРАДЫЦЫІ ПРЫГАТАВАННЯ І ЎЖЫВАННЯ Ў БРЭСЦКАЙ ВОБЛАСЦІ”

 

Стравы з таркаванай бульбы не набылі свайго пэўнага месца ў абрадавым жыціі жыхароў паўднёвага захада Беларусі. Менавіта таму, што бульба атрымала распаўсюджанне нядаўна, адносна фарміравання вераванняў і традыцый беларускага этнаса. Але ж феномен такіх страў, у тым, што менавіта на тэрыторыі нашай краіны яны атрымалі найвялікшае масавае распаўсюджванне з неверагоднай колькасцю варыянтаў прыгатавання. У кожнай сям’і маецца шэраг рэцэптаў з таркаванай бульбы. Такія стравы сталі сапраўды брэндавым гастранамічным прадуктам і візітнай карткай краіны. І канешне самую вялікую колькасць варыянтаў прыгатавання маюць дранікі.

Дранікі – папулярная паўсядзённая страва з цёртай сырой бульбы. Назва ад слова “драць”, церці, абдзіраць слаямі. Бульбяныя аладкі, як часам называюць дранікі, і бліны сустракаюцца практычна ўсюды, дзе ў ежу ўжываюць бульбу. Адносяцца да комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, бульбяная кішка, калдуны, галушкі, бульбяныя вожыкі, запражка і г.д.

На Берасцейшчыне дранікі маюць розныя лакальныя назвы: “полюбэныкі” (аг. Снітава Іванаўскага раёна); “дэруны”, “картопляныкы”, “аладкі” (в. Перхавічы Баранавіцкага раёна).

У класічным рацэпце дранікаў тры інгрэдыенты: бульба, надраная на тарцы, цыбуля і соль, і вось вакол гэтага простага рацэпта ўзнікаюць кулінарныя шэдэўры, створаныя з дапамогай ведаў, навакаў, густу і фантазіі гаспадынь.

Стравы з таркаванай бульбы гатуюцца незалежна ад пары года або часу, гаспадыні гатуюць гэтыя стравы, як штодённа, так і на розныя жыццёвыя падзеі: вяселлі, імяніны, хрысціны і інш.