Тэхналогіі вырабу драўлянага бандарнага посуду
Іванаўскі раён
Бондарства, рамяство па вырабу драўлянага посуду, з’яўляецца адным з самых старажытных і распаўсюджаных рамёстваў у Беларусі. Тэхналогія вырабу драўлянага бандарнага посуду на тэрыторыі Іванаўскага раёна – выяўная праява традыцыйныга бандарнага рамяства, якое яшчэ шырока бытавала на Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.
Тэхналогіі вырабу бандарнага посуду былі шырока распаўсюджаны сярод жыхароў вёскі Рылавічы Іванаўскага раёна. Вядома, што вёска Рылавічы згадваецца ў летапісах у пачатку XVI стагоддзя, як цэнтр бандарства, дзе рабілі драўляны посуд для каралеўскага двара Рэчы Паспалітай.
Кублы, бочкі, дзежкі, вёдры, цэбры, кварты, ражкі – гэта невялікі пералік бандарнага посуду, без якога не магла абыйсціся ніводная сялянская сям’я пачатку ХХ ст. Усё гэта выраблялася ў вялікай колькасці Рылавіцкімі бондарамі, а рэалізаваць сваю прадукцыю яны маглі на буйных рыначных пляцоўках Пінска, Століна, Лунінца, Давыд-Гарадка, Любяшова, Маневічаў, Янова, Драгічына, Кобрына.
Яшчэ адным, не меньш дзейсным спосабам заробку быў выраб посуду на заказ – па мерках заказчыка. У даўніну мерай даўжыні быў сам чалавек – адтуль і такія цікавыя і не звычайныя для сучаснасці назвы вымярэнняў – сажань, аршын, плячо, далонь.
Слава вёскі ў бандарнай справе пратрымалася амаль да канца XX стагоддзя.
На сённяшні момант справа рылавіцкіх майстроў не страчана, а набыла развіццё і пераемнікаў у г. Іванава, дзе была адчынена ў 2000 годзе і паспяхова працуе Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая спецыялізуецца менавіта на вырабе драўлянага посуду па саражытных тэхналогіях перанятых ад рылавіцкіх рамеснікаў, але і не без сучаснага ўвасаблення.
Пастановай Міністэрства культуры ад 10.03.2021 № 19 нематэрыяльнай праяве творчасці чалавека “Тэхналогіі вырабу драўлянага бандарнага посуду” (в. Рылавічы Іванаўскага раёна, г. Іванава) нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Ганна Пракаповіч, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ДзУК “Брэсцкі АГКЦ”
Артыкул падрыхтаваны на аснове матэрыялаў ДУА “Іванаўская дзіцячая школа мастацтваў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці”