ГАТОЎЧЫЦ Валянціна Іванаўна
1966 г.н., в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці
Гатоўчыц Валянціна Іванаўна нарадзілася 21 лістапада 1966 года ў вёсцы Дарапеевічы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Творчае майстэрства пераняла ад маці – знакамітага чалавека, лягенды Маларыцкага раёна, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Аляксееўны Сцепанюк.
З 1984 па 2019 год працавала ў родным калгасе, пакідаючы яго толькі для атрымання адукацыі і выхавання дзяцей.
Працуючы на розных пасадах у калгасе, у вольныя хвіліны працягвала займацца любімай справай па вышыўцы і ткацтву, назапашваючы вопыт творчай працы. Разам з маці яна прысутнічала на шматлікіх выставах розных узроўняў і пераймала вопыт майстроў другіх рэгіёнаў. Потым сама пачала супрацоўнічаць з мясцоваў установай культуры ў якасці кіраўніка гуртка вышыўкі школы народнай творчасці.
У 2019 годзе прыйшла на пастаянную работу у Маларыцкі раённы цэнтр культуры кіраўніком гуртка ткацтва школы народнай творчасці Дарапеевіцкага Дома фальклора, дзе перадае сваё майстэртва мясцовым дзецям, зберагаючы традыцыі ткацтва. Любоў да народных традыцый, свае творчыя здольнасці майстрыха перадае сваім вучням праз заняткі па вывучэнні асноў ткацтва, цікавыя бяседы пра развіццё мясцовых традыцый.
Пераемнасць пакаленняў добра праглядаецца ў сям’і Валянціны Іванаўны: ад бабулі да маці, ад маці да дачкі, ад дачкі да ўнукаў. Пераняла ад сваёй знакамітай маці яна і майстэрства выпякання грачанікаў – грэчанага хлеба. Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці маларытчыны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі .
Валянціна Гатоўчыц – пастаянны ўдзельнік усіх раённых мерапрыемстваў. З вялікім задавальненнем прымае запрашэнні для ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх выставах.