СТРУНЕЦ Валянціна Мікалаеўна
1960 г.н., г. Маларыта, Брэсцкая вобласць
Нарадзілася 13 ліпеня 1960 года ў вёсцы Гарадзец Оўручскага раёна Жытомірскай вобласці Украіны. У 1979 годзе трапіла на Маларыччыну, дзе і засталася. Зараз, Валянціна Мікалаеўна Струнец – дырэктар раённага цэнтра народнай творчасці Дзяржаўнай установы культуры “Маларыцкі раённы цэнтр культуры” – вядомая ткачыха, якая пачынала сваю творчую дзейнасць з знаёмства з касцюмам маларыцкага строю, які з’яўляецца ўнікальным, дзякуючы хараству і багаццю вышытых узораў. Гэта, стала галоўным натхненнем у справе дэталёвага і грунтоўнага вывучэння ткацкага рамяства. Гады крапатлівай працы і настойлівага дасягнення сваёй мэты прынеслі заканамерныя вынікі – прафесійнае прызнанне і павагу.
Але нягледзячы на свае асабістыя дасягненні, майстрыха заўсёды з вялікай цеплынёй гаворыць аб Сцепанідзе Аляксееўне Сцепанюк, народным майстры Рэспублікі Беларусь з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна, захавальніцы абрадаў, уладальніцы звання “Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна”.
Менавіта Сцепаніда Сцепанюк, перадаўшы свой вопыт, многаму навучыла яе. Цяпер, услед за сваёй настаўніцай, Валянціна Струнец ужо і сама вучыць іншых ткаць па адроджанай старадаўняй тэхналогіі. Ткацкія работы Валянціны Мікалаеўны добра вядомы ў Беларусі і за яе межамі ў Расіі, Польшчы, Украіне, Германіі і Славакіі. Мае мноства ўзнагарод і падзяк за адраджэнне, прапаганду, папулярызацыю традыцыйных рамёстваў і маларыцкага строю адзення.