КУЛЬБЕДА Марыя Васільеўна
1946 г.н.
Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці
Кульбеда Марыя Васільеўна – майстар народнай творчасці па традыцыйнаму ткацтву і вышыўцы. Асноўная мэта яе творчасці –зберажэнне ўзораў і стыляў традыцыйнага ткацтва рэгіёна.
Нарадзілася ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна, дзе жыве і зараз. Яе маці займалася ткацтвам, і, ужо з дзяцінства Марыя пераймала ад сваёй матулі гэтае ўменне. Ва сталам узросце пайшла працаваць на Пінскую фабрыку мастацкіх вырабаў ткачыхай-надомніцай, дзе больш актыўна і паглыблена занялась асваеннем ткацкай тэхнікі. У 1989 годзе ёй было прысвоена званне “Выдатнік якасці”.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Марыя Васільеўна працягвае актыўную дзейнасць па распрацоўцы новых эскізаў на аснове старадаўніх ткацкіх вырабаў рэгіёна. За гады сваёй дзейнасці выткала больш за 100 рушнікоў, сурвэтак, посцілак, ходнікаў, абрусаў, хустак. Асобныя творы ўпрыгожвала вышыўкай і карункапляценнем.
На традыцыйных для мотальскага краю ручніках і сурвэтках, выраб якіх Марыя Васільеўна дакладна асвоіла, з’явіліся новыя матывы, дзе старажытныя узоры гарманічна знаходзяцца побач з аўтарскімі – “Вінаград”, “Макі”, “Кацячы след” і інш.
Па мясцовай тэхналогіі былі вытканы шматлікія рэчы для храма Прэабражэння Гасподня ў аграгарадку Моталь. Зберагаючы тэхналогію ткацтва, каляровую палітру, узоры арнамента мотальскага строю, кожны дзень у дзяржаўнай установе культуры “Мотальскі музей народнай творчасці” з’яўляюцца новыя непаўторныя вырабы майстра па ткацтву.
Каб унікальнае майстэрства мотальскага ткацтва не знікла, майстрыха дэманструе сваё ўменне на шматлікіх майстар-класах вучням мясцовых школ, турыстам і ўсім зацікаўленым. Перайняўшы вопыт ад сваёй матулі, яна імкнецца перадаць яго сваім дзецям і ўнукам – магчыма яны калі-небудзь працягнуць яе справу.