Аб правядзенні абласнога свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.

21 лютага 2019 года ў ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”  у чарговы раз сабрала шмат удзельнікаў і гасцей абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.  Арганізатарамі свята выступілі ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”.

У рамках свята прайшоў  абласны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. У адрас аргкамітэта было даслана 27 заявак на ўдзел у абласным туры конкурсу.

Праслухаўшы і прааналізаваўшы конкурсныя выступленні ўдзельнікаў абласнога тура конкурсу журы вырашыла рэкамендаваць для ўдзелу ў III туры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі наступных канкурсантаў:

  •  Кацярыну Бабрыковіч, студыю вакалу “PremiumVoice”, г. Брэст;
  • Святлану Новікаву,  Камянецкі РДК ДУК “Камянецкая раённая клубная сістэма”;
  • Рамана Даніловіча, Рэдзігераўскі СДК ГУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Лунінецкага раёна”.

Сапраўднай рызынкай абласнога свята стала прэзентацыя зборніка “Байкі баю – усіх забаўляю!” Зборнік баек, казак і калыханак Настассі Якавец, выдадзены ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” да 70-годдзя гэтай знакамітай палескай баечніцы і пявунні. Настасся Якавец нарадзілася і жыве па цяперашні час у вёсцы Лобча Лунінецкага раёна. За сваё жыццё напісала больш за сотню баек, казак і калыханак, а таксама 35 год кіруе  народным фальклорным гуртом “Лабчанка”. Яе голас называюць “залатым” голасам Палесся, а ад баек, якія яна распавядае са сцэны, гледачы хапаюцца ад смеху за жываты. Героямі яе твораў выступаюць, у асноўным, яе землякі, але асноўноўнымі героямі з’яўляецца яна сама ды яе муж Іван. Байкі, казкі ды калыханкі Настассяй Якавец напісаны на сваёй “лобэцькой” мове і, такім чынам, яшчэ адна мікрамова стане ўвекавечана назаўжды!

Ярка і мілагучна “прагучаў”  святочны канцэрт “Красуй, Беларусь”, з удзелам Брэсцкага гарадскога аркестра духавой і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам дырыжора і мастацкага кіраўніка Валерыя Коваля. Усімі любімыя беларускія песні пра Бацькаўшчыну і родную мову былі тут жа падтрыманы гледачамі.

Завяршылася абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі” этнадыскатэкай “Час вяртання”. Першымі, дэматстравалі сваё майстэрства і навучалі ўсіх прысутных танцам нашых продкаў фальклорныя калектывы нашай вобласці: народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўзорны фальклорны калектыў “Дараносіца” (в.Хмелева, Жабінкаўскі раён). Прадоўжылі танцавальны вечар госці з Мінскай вобласці Любанскага раёна – музыкі і выдатны танцор, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” – Сяргей Выскварка, пад кіраўніцтвам якого ўся пляцоўка закружылася ў віхуры народных танцаў.

Адметна, што на танцавальнай пляцоўцы былі слухачы ДУА “Брэсцкі абласны цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў устаноў культуры”, якія на працягу двух тыдняў навучаліся народным танцам. Прыгожыя, апранутыя ў традыцыйныя строі, прадстаўнікі з розных рэгіёнаў вобласці, заліхвацкі танчылі побытавыя танцы.

Падчас  этнадыскатэкі адбыўся конкурс на лепшую танцавальную пару, якіх было мноства з наведвальнікаў свята. На прыканцы імпрэзы былі вызначаны пераможцы.

Вось так любоў і павага да роднай мовы аб’яднала жыхароў абласнога горада, раёнаў вобласці, гасцей з Мінску. Дык няхай жа гучыць роднае слова моцна і ўпэўнена, залатымі ніткамі мудрасці прарастае ў песнях і казках, звычаях і традыцыях, яднае паэтаў, музыкаў,  танцораў, звязвае пакаленні.