Выстава скульптуры, прысвечаная 1000-гадоваму юбілею Брэста, сабрала скульптараў з розных абласцей – вядомых майстроў, тых, хто сказаў ужо сваё гучнае слова ў айчынным мастацтве, і маладых мастакоў, тых, чый шлях толькі пачынаецца. Упершыню за шмат гадоў жыхары і госці горада змогуць на свае вочы пабачыць глыбінныя скульптурныя працэсы ў маштабе краіны. Сучасная беларуская скульптура вельмі разнастайная – тут ёсць месца самым розным плыням – ад традыцыйных партрэтаў, фігуратыўных кампазіцый да праяў нефігуратыўнага мастацтва, якое больш чым які-небудзь накірунак патрабуе ад гледача супрацы, уважлівага пранікнекнення ў сутнасць аўтарскай канцэпцыі. Пры гэтым, прыхільнікаў класічнай школы і самых радыкальных авангардыстаў, яднае пошук філасофскага складніку, мастакі даволі рэдка выбіраюць трывіяльныя сюжэты – вобразы, якія яны ствараюць алегарычныя, напоўнены глыбокімі перажываннямі і роздумам.
Станкавая, музейная пластыка – гэта шырокае поле для мастацкага эксперыменту. Тут адбываюцца пошукі, якія на некалькі крокаў апярэджваюць скульптуру, якая з’яўляецца ў гарадской прасторы. У паліфаніі выставачнай залы кожны скульптурны голас гучыць асобна, мае свой непаўторны тэмбр, інтанацыю, гучнасць, але кожны з аб’ектаў выставы – раўнапраўная яе частка, важны складальнік мелодыі скульптуры.
Некаторыя ўдзельнікі праекту: Д.Аганаў, С.Аганаў,
А.Арцімовіч, І.Арцімовіч, П.Вайніцкі, А.Вераб’ёў, І.Засімовіч, В.Копач, П.Ляонаў, В.Малахаў, В.Мацкевіч, А.Мядзведзеў, В.Нячай, Ул.Панцялееў, М.Пятруль, А.Сакалоў, А.Сарокін, А.Хацяноўскі, В.Цімашоў, А.Шаппо і многія іншыя.