“Ад мінулага ў сучаснасць.” 80-годдзю ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” прысвячаецца

У адным са старэйшых гарадоў Беларусі горадзе Брэсце, які ў 2019 адзначыў сваё тысячагоддзе, дзяржаўная ўстанова культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” 27 верасня адсвяткавала юбілей – 80-годдзе са дня стварэння.
Вельмі прыемна, што святочныя мерапрыемствы сталі добрай нагодай каб сабрацца ў гасцінных сценах АГКЦ супрацоўнікам розных гадоў, сябрам, удзячным гледачам і калегам, тым, для каго юбілей Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра не проста чарговае свята, а гістарычная падзея.

Радасць свята раздзялілі ганаровыя госці начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Задзяркоўская, прадстаўнікі Рэспубліканскага Савета дырэктароў па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры міністэрстве культуры РБ: дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Пазняк, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Мурэня, дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Іна Быхаўцава, начальнік аддзела метадычнага забеспячэння клубных устаноў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культуры Раіса Вайцяхоўская, начальнік інфармацыйна-аналітычнай і рэпертуарна-выдавецкай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валянціна Валчкова.

Кульмінацыйным момантам юбілейнай імпрэзы стала далучэнне да традыцыі яднання культур рэгіёнаў, распачатай Віцебскай вобласцю. Сімвалам такога яднання, добрых адносін, нашай агульнай павагі і любові да беларускай культуры, духоўнай спадчыны і знакам павагі да гісторыі стварэння абласных цэнтраў народнай творчасці стаў Беларускі пояс рэгіянальных культур. Гэты пояс складаецца з паясоў, выплеценных у кожнай асобнай вобласці. Святкуючы 80-гадовыя юбілеі, кожны абласны цэнтр народнай творчасці ўплятае ў агульны пояс унікальную самабытнасць культуры сваёй вобласці. Дарэчы, эстафету святкавання юбілея прыняў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Падчас юбілейнай імпрэзы гасцям свята выпала цудоўная магчымасць азірнуцца назад, запазычыць вопыт мінулых дасягненняў, а таксама вызначыць перспектыву развіцця на будучыню.

Перагортваючы старонкі гісторыі развіцця і станаўлення ўстаноў культуры Брэсцкай вобласці, упэўнена можна сказаць, што менавіта абласны грамадска-культурны цэнтр у складзе ўсёй метадычнай сістэмы вобласці ўнёс вялікі ўклад у развіццё сацыякультурнай сферы Брэстчыны.

Цяжка пераацаніць яго ролю ў развіцці культуры ў розныя гады дзейнасці.

Сваю гісторыю цэнтр пачаў з 1939 года як абласны Дом народнай творчасці (АДНТ), і размяшчаўся па вуліцы Камсамольскай.

На жаль, у сувязі з тым, што горад Брэст амаль што цалкам быў знішчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у архівах не захаваліся дакументы, якія пацвярджаюць гэты перыяд работы.

Пасля вызвалення горада ў 1944 годзе, Дом народнай творчасці аднавіў сваю дзейнасць, узначаліла ўстанову Мініна А.Т.

У перыяд з 1944 па 1946 год змяняецца 5 дырэктараў. За гэты час пры АДНТ адкрываецца студыя выяўленчага мастацтва, у якой займаюцца самадзейныя мастакі гарадоў і вёсак вобласці.

З кастрычніка 1946 года па 1952 год дырэктарам працуе
Нікіцін М.У. У гэты час адкрываюцца гурткі мастацкага слова, вышыўкі, ігры на акардэоне і баяне, драматычны, танцавальны, працуе студыя выяўленчага мастацтва. Пашыраюцца штаты творчых работнікаў, уводзяцца пасады старшых метадыстаў па хору, харэаграфіі. Паляпшаецца матэрыяльная база, набываюцца касцюмы, музычныя інструменты, рамантуецца будынак АДНТ.

50-60 гады – гэта час стварэння агітбрыгад, іх станаўлення і творчага росквіту. Іх роля ў палітычным і эканамічным жыцці рэспублікі ў той час вялікая. Пры  АДНТ на той момант існавала базавая агітбрыгада, якая з’яўлялася творчай лабараторыяй для раённых агітбрыгад вобласці.

З 1952 года па 1958 год цэнтрам кіруе Волкаў В.Г., акцёр па прафесіі.       З сакавіка 1958  года па 1962 год АДНТ  знаходзіца пад кіраўніцтвам Важэніна А.А., рэжысёра па спецыяльнасці. З 1962 года абласны дом народнай творчасці дзейнічае пад кіраўніцтвам Гаеўскага Г.В.

У гэты перыяд утвараецца метадычны кабінет, у якім існуе ў наяўнасці спецыяльная літаратура па ўсіх жанрах. На базе АДНТ дзейнічае “народная філармонія”, удзельнікі якой выязджаюць з канцэртамі па вобласці. У гэтыя гады актывізуецца тэатральны аматарскі рух. Дапамогу ў стварэнні драматычных гурткоў аказваюць спецыялісты Дома творчасці і студыйцы дзесяцімесячных тэатральных вячэрніх курсаў, якія былі створаны пры АДНТ. Драматычныя калектывы маюць вялікі поспех і робяць выязныя спектаклі па вобласці. Пры АДНТ адкрываюцца курсы для кіраўнікоў калектываў мастацкай самадзейнасці, метадысты і пазаштатныя кансультанты аказваюць дапамогу сельскім драматычным калектывам, калектывам мастацкай самадзейнасці.

У 1968 годзе па ініцыятыве АДНТ у вобласці праходзіць першы агляд духавых аркестраў. Вопыт правядзення такіх аглядаў быў распаўсюджаны па былому Саюзу.

У 1969 годзе АДНТ мяняе сваё жыхарства, месцам прапіскі становіцца вул.Савецкая, 53. Пашыраецца творчы штат, уводзяцца і пасады метадыстаў па ўсіх жанрах. Гэта дае магчымасць працаваць якасней, зрабіць творчую дзейнасць больш разнастайнай.

У сакавіку 1972 года адкрываюцца аддзелы клубнай работы і мастацкай самадзейнасці, сектары драмы і выяўленчага мастацтва. Творчасць і пошук, прафесійныя веды і навыкі супрацоўнікаў цэнтра накіроўваліся на агляды-конкурсы, фестывалі, святы, мерапрыемствы для ўсіх узроставых катэгорый насельніцтва.

З 1973 па 1980 абласны Дом народнай творчасці перажывае частую змену кіраўніцтва. У лістападзе 1973 г. дырэктарам назначаны І.Сакольскі  (рэжысёр па прафесіі), з жніўня 1974 г. – Пятніцкая Т. М. (рэжысёр па прафесіі, доўгі час працавала метадыстам па тэатральнаму жанру).

У 1975 годзе АДНТ з’яўляецца арганізацыйна-метадычным цэнтрам І тура Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. У ходзе фестывалю было створана шмат калектываў мастацкай самадзейнасці.

З лютага 1976 г. дырэктар цэнтра – Паўлаў А.А.(музыкант), са студзеня 1978 г. – Чэрнік І.П. (хармайстар).

У адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў Беларускай ССР ад 14 лістапада 1979 № 920 і рашэннем Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта АДНТ пераўтвараецца ў абласны навукова-метадычны цэнтр (АНМЦ), з наступным складам супрацоўнікаў: дырэктар, намеснік дырэктара, супрацоўнікі сектара даследаванняў і прапагандысцкай работы, сектара музыкальнай самадзейнасці, сектара выяўленчага мастацтва, сектара методыкі клубнай работы, сектара аргмасавай работы, сектара нагляднай агітацыі, групы тэатральнай самадзейнасці.

З чэрвеня 1980 года дырэктарам АНМЦ становіцца “Заслужаны” работнік культуры Гуляева Святлана Іосіфаўна.

80-90 гады ў гісторыі цэнтра адзначаны стварэннем гарадскіх і раённых метадычных цэнтраў, школ народнай творчасці, укараненнем сістэмы абласной вучобы кадраў, зараджэннем сістэмы абласных фестываляў па розных жанравых накірунках .

Распрацавана абласная праграма па зберажэнні промыслаў і рамёстваў Брэстчыны, дзякуючы якой на Брэстчыне ствараюцца першыя дамы рамёстваў, дамы народнай творчасці, праводзіцца першы абласны конкурс рамёстваў, створаны дакументальны фільм “Ганчарнае кола” аб гістарычным цэнтры ганчарства в. Гарадная Столінскага раёна.

У 1996 годзе рашэннем Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ад 09.04.1996 г. №165 абласны навукова-метадычны цэнтр (АНМЦ)  пераўтвораны ў Дзяржаўную ўстанову культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” (АГКЦ).

З 1999 па 2002 год калектыў узначальвае Бярнэй Людміла Рыгораўна, харэограф, рэжысёр па адукацыі.

За гэты час  распрацаваны праекты правядзення Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Палескі карагод” і абласнога фестывалю эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці”, створана лабараторыя традыцыйнай культуры.

2003-2007 – дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Аласюк Марыя Дзмітрыеўна.

У гэты перыяд развіваецца і папулярызуецца аматарская мастацкая творчасць і фестывальны рух. Распачынаецца рэканструкцыя канцэртнай і выставачнай залы. Адкрываецца салон-магазін “Скарбніца”

На сучасным этапе з 2007 года дзяржаўную ўстанову культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” узначальвае Каржук Святлана Валянцінаўна.

Святлана Валянцінаўна змагла захаваць напрацаваную сістэму сваіх папярэдніх калег Гуляевай С.І., Бярнэй Л.Р., Аласюк М.Д. і ўнесці новы подых у жыццё цэнтра.

Нельга не ўспомніць і тых супрацоўнікаў, якія ўнеслі значны ўклад у работу цэнтра:

  • Парыцкі Віктар Аляксеевіч (1977-2006),
  • Гуляеў Васіль Васільевіч (1981-1999),
  • Несцярэнка Святлана Васільеўна (1982-2013),
  • Леванюк Валянціна Антонаўна (1983-2006),
  • Паўлянок Жанна Іванаўна (1988-2006),
  • Зіновіч Вольга Антонаўна (1993-2013),
  • Канькоў Міхаіл Карнілавіч (2002-2015),
  • Рышчук Алла Аркадзьеўна (2006-2018),
  • Салей Людміла Іванаўна (2008-2015).

Сёння Дзяржаўная ўстанова культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” каардынуе дзейнасць 12 метадычных цэнтраў, 4 метадычных аддзелаў, 16 клубных сістэм, работу 469 клубных устаноў, у якіх ажыццяўляюць сваю дзейнасць 3788 клубнае фарміраванне і 420 калектываў з найменнем “народны”, “узорны”, званнем “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Дзейнасць Брэсцкага АГКЦ па ўсім накірункам ажжыцяўляе 59 супрацоўнікаў у складзе 10 структурных падраздзяленняў.

Канцэртная зала на 562 пасадкавых месцаў з’яўляецца адной з лепшых канцэртных пляцовак Брэсцкай вобласці.  Яе афармленне і тэхнічнае аснашчэнне адпавядае пажаданням самага патрабавальнага гледача. Тут праводзяцца абласныя, рэспубліканскія і нават міжнародныя фестывалі, конкурсы, сучасныя шоу-праграмы, канцэрты эстрадных зорак, выканаўцаў класічнай музыкі, спектаклі з удзелам вядучых артыстаў тэатра і кіно, дзіцячыя прадстаўленні  і многае іншае.

Сучасная выставачная зала Дзяржаўнай ўстановы культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” – выдатная пляцоўка для правядзення розных выстаў. Штогод у ёй праводзіцца каля дваццаці выстаў прафесійных мастакоў, мастакоў-аматараў, майстроў народнай творчасці.

Па-суседску з ёю працуе і салон-магазін “Скарбніца”. У ім на густ пакупнікоў прапаноўваецца больш за 800 аўтарскіх работ і сувеніраў.

Пашырылася і фестывальная палітра. Калі раней было адзін-два фестывалі ў год, то зараз ад 10 да 20 маштабных мерапрыемстваў.  Галоўныя іх задачы – гэта захаванне  традыцыйнай культуры, фальклорнага мастацтва, роднай мовы і розных жанравых накірункаў аматарскай творчасці.  Многія з іх ужо сталі традыцыйнымі і праводзяцца на працягу дзясяткаў год. Так, напрыклад, з 1989 года праходзіць абласны фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, з 1986 года – абласны агляд-конкурс і свята духавой музыкі “Фанфары”, з 1990 года раз у чатыры гады праводзіцца абласны агляд-конкурс “Берасцейскія забаўлянкі”, раз у тры гады з 1996 года праводзіцца абласное свята народнага гумару “Спораўскія жарты”. Маем надзею, што маладая палітра фестываляў таксама будзе мець працяг.

Да спадобы гледачам прыйшліся – абласны фестываль сучаснага мастацтва “Эстрадны МІХ”, песенны форум “З любоўю да песні”, музычны праект “Дэбют з аркестрам”, абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, свята фальклорнага мастацтва “Таночак”. Дарэчы, з гэтай нагоды шмат мерапрыемстваў адбылося падчас святкавання тысячагоддзя Брэста. Наогул, супрацоўнікі цэнтра прымаюць удзел у арганізацыі шматлікіх мерапрыемствах з удзелам кіраўніцтва вобласці і рэспублікі.

На базе БрАГКЦ дзейнічае і некалькі клубаў. Каля дваццаці год працуе абласны клуб майстроў народнай творчасці “Скарб”. Ён аб’яднаў лепшых майстроў розных жанраў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з розных куткоў Брэсцкай вобласці. За гады яго існавання быў наладжаны шэраг выстаў і майстар-класаў па аднаўленню рэдкіх, знікаючых рамёстваў, праведзены з удзелам членаў клуба “Скарб”, прайшлі шматлікія семінары і канферэнцыі.

З 2011 года дзейнічае клуб нацыянальных культур “Садружнасць”. У выніку чаго цэнтр стаў ядром садружнасці сямі нацыянальных супольнасцей. У яго склад увайшлі прадстаўнікі нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Брэсцкай вобласці: “Украінскі навукова-педагагічны саюз “Берагіня”, “Польска Мацеж Школьна”, Брэсцкае гарадское грамадска-этнаграфічнае аб’яднанне “Каралінка”, абласное аддзяленне “Міжнародны кангрэс азербайджанскіх абшчын”, “Рускае таварыства” і “Брэсцкае абласное яўрэйскае аб’яднанне “Алія”.

За перыяд работы, дзейнасць АГКЦ была адзначана рознымі значнымі ўзнагародамі. Вялікай падзеяй для калектыва цэнтра стала перамога ў спаборніцтве за дасягненне ў 2017 годзе найлепшых вынікаў у выкананні паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод устаноў культуры. Па вынікам спаборніцтва, на працягу ўсяго 2018 года,  ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” быў занесены на абласную Дошку гонару.

Калектыў Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра – гэта шматпрофільныя высокакваліфікаваныя спецыялісты. Усе мы розныя, але нас аб’ядноўвае любоў да культуры і да справы, якой кожны з нас займаецца.

Мнагалетняя плённая праца і назапашаны вопыт вядуць да новых вяршынь, натхняюць на вялікія творчыя здзяйсненні. З цвёрдай упэўненасцю ў сённяшнім дні і верай у шчаслівае будучыню – мы пачынаем адлік новага дзесяцігоддзя і ідзем насустрач новым юбілеям.

Мы пішам гісторыю нашага цэнтра разам!

 

Супрацоўнікі ДзУК “БрАГКЦ”