20 лютага 2020 года
ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры
адбылося абласное свята роднай мовы
“Жывыя вытокі”.
У абласным туры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, які праводзіўся ў рамках абласнога свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.Былі адабраны тры лепшыя выканаўцы ад Брэсцкай вобласці для ўдзелу ў трэцім этапе Нацыянальнага конкурсу – Уладзіслаў Макарэвіч і Ганна Цітовіч з горада Брэст, і Аляксандра Гесь з Баранавіцкага раёна.
На кніжнай выставе, прадстаўленай супрацоўнікамі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Г.Горкага, прыхільнікі беларускай мовы з зацікаўленасцю слухалі малавядомыя звесткі з жыцця беларускіх аўтараў-юбіляраў года. На паэтычным марафоне “І слова ў сэрцы адгукнецца…” кожны жадаючы змог на публіку прачытаць любімыя або аўтарскія вершы.
На галоўнай пляцоўцы свята адбылося выступленне аматарскіх калектываў тэатральнага мастацтва вобласці “Кола жыцця”, дзе народны драматычны калектыў Івацэвічскага Дома культуры паказаў тэатральную пастаноўку “За дождж” па твору Якуба Коласа, а ўзорная дзіцячая тэатральная студыя “Чароўны ліхтар” прадставіла аўтарскую пастаноўку “Берасцейскі сказ”. Гледачы змаглі паразважаць аб глыбіні і высокім значэнні беларускага слова ў нашым жыцці.
З самай раніцы яскрава і імкліва рухалася свята роднай мовы да самабытных куточкаў Берасцейшчны, і вось, на прыканцы дня адгукнулася мілагучнымі, блізкімі да сэрдцу, роднымі гаворкамі палешукоў.
Абласны этнаканцэрт “Гаворкі” з цыкла “Рух зямлі”, на гэты раз, прывабіў гледачоў магчымасцю пазнаёміцца з самымі рознымі дыялектамі Брэсцкай вобласці. На адной пляцоўцы “сустрэліся” гаворкі вёсак Мачуль, Гарадная, Цераблічы Столінскага раёна; Леснікі Драгічынскага раёна, Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна; “тараканьская мова” вёскі Опаль Іванаўскага раёна; а сабраліся яны вакол гаворкі вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна – роднай мовы Фёдара Данілавіча Клімчука –фалькларыста, дыялектолага, мовазнаўцы, які пераклаў Евангелле на гаворку сваёй вёскі. На жаль, год таму Фёдара Данілавіча не стала. На канцэрце мову Ф.Д.Клімчука прадставілі сямейны дуэт з вёскі Вулька Сіманавічская – Еўдакія Зіновіч і Фёдар Булыга.
Некаторыя гледачы апынуліся на хвіліначку на сваёй малой радзіме, узгадалі мову сваіх бацькоў, а некаторыя нават падзяліліся цікавымі, самабытнымі, асаблівымі словамі свайго мястэчка, кожны знайшоў водгук у сваім сэрдцы.
Упрыгожылі і падкрэслілі тэматыку канцэрта драўляныя скульптуры і аповед аб іх, народнага майстра-разьбяра Івана Піліпавіча Супрунчыка. У дрэве ўвасобіліся роды, што з даўніх часоў жывуць на Століншчыне, менавіта ў Цераблічах.
Вось так цёпла і ўтульна прайшоў вечар у АГКЦ, дзякуючы ўсім выступоўцам, сябрам, гасцям і прыхільнікам нашага праекта “Рух Зямлі”. Са светлымі думкамі і з роднай гаворкай на вуснах завяршылася свята роднай мовы “Жывыя вытокі”, з якім мы абавязкова сустрэнемся ўжо на наступны год, а вось на чарговы этнаканцэрт з цыкла “Рух Зямлі” запрашаем сёлета ў ліпені, які адбудзецца пад час пленэру ганчароў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.