АБЛАСНЫ ФЕСТЫВАЛЬ ФАЛЬКЛОРНАГА МАСТАЦТВА “ТАНОЧАК”
Этнаграфічнае падвор’е “Каля плэса”, музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” Драгічынскага раёна ў чарговы раз стане цэнтрам традыцыйнай культуры Берасцейшчыны.Тут адбудзецца абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”. 15 мая з розных куткоў нашай вобласці на фестываль прыедзе больш за 200 удзельнікаў дзіцячых аматарскіх калектываў, якія з маленства далучаюцца да традыцый сваіх продкаў. Пад час фестывалю адбудзецца конкурс дзіцячых калектываў, удзельнікі якога прадэманструюць сваё майстэрста ў танцах, спевах, вуснай народнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Рызынкай свята ў гэты раз стане прэзентацыя ўнікальных карагодных традыцый вобласці. Госці і ўдзельнікі свята пазнаёмяцца не толькі з Велікодным карагодам “Стрылка” і Пінкавіцкімі танкамі, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным спісе элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, але і многімі іншымі. У праграме фестывалю запланаваны выступленні гасцявых калектываў Брэсцкай і Мінскай абласцей. Госці і ўдзельнікі фестывалю змогуць набыць сувеніры майстроў народнай творчасці пад час выставы-кірмашу.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, Драгічынскі райвыканкам.