Удзел у ХІІ Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”
г. Мінск, 2021 г.
29 мая каля Палаца спорту ў Мінску адбыўся ХІІ Рэспубліканскі фестываль-кірмаш народных мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет”, арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, упраўленне культуры Мінгарвыканкама. У фестывалі-кірмашы прынялі ўдзел майстры народнай творчасці са ўсёй Беларусі, у тым ліку і дэлегацыя майстроў ад Брэсцкай вобласці.
Брэсцкую вобласць прадставілі майстры Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага, Лунінецкага раёнаў і г. Пінска, з выставамі вырабаў па ткацтву, у тым ліку ткацтву паясоў, вышыўке, саломапляценню, роспісу па шкле, выцінанцы, кераміке і іншых відах творчасці. У конкурснай праграме Дыплом І ступені атрымала майстар выцінанкі Наталля Кулецкая з Івацэвіцкага раёна і майстар Таццяна Зданевіч з Бярозаўскага раёна за творы, выкананыя ў тэхніке роспісу па шкле. Дыплом ІІ ступені атрымала майстар саломапляцення Наталля Ярмоцык з Бярозаўскага раёна.
Граматамі за ўдзел у святочным канцэрце былі адзначаны калектывы з Бярозаўскага і Лунінецкага раёнаў – народны ансамбль песні і музыкі “Шляхціцы” Лунінецкага гарадскога Дома культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Лунінецкага раёна”, кіраўнік Шэўчык Генадзь Фёдаравіч, і народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Жураўка” філіяла №16 Спораўскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу ДзУК “Бярозаўская раённая клубная сістэма”, кіраўнік Дыцэвіч Ірына Аляксандраўна.
Фестываль-кірмаш мастацкіх рамёстваў “Вясновы букет” штогод запрашае прыхільнікаў народнага мастацтва дакрануцца да вытокаў, і ў чарговы раз здзіўляе невычарпальным натхненнем чалавечых рук.