Абласны пленэр разьбяроў паркавай скульптуры

4 ліпеня ў знакамітым мястэчку Моталь Іванаўскага раёна распачаў сваю працу XVIII абласны пленэр разьбяроў паркавай скульптуры. Лепшыя берасцейскія разьбяры і разьбяры з Мінска ды Гродна гэтым разам плануюць стварыць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную мястэчку Моталь, яго вядомым гістарычным постацям, традыцыям і брэндам. Кампазіцыя будзе ўсталявана да XI кулінарнага фестывалю “Мотальскія прысмакі”.

Пад час адкрыцця пленэра адбылася традыцыйная першая “зарубка”, якую выканаў старэйшы з усіх удзельнікаў -- разьбяр Мікалай Скляр з г.Гродна. Свае аўтографы паставілі на вырубленай шчапе ўсе ўдзельнікі і арганізатары пленэру! А працуюць майстры непадалёку ад Мотальскага музея народнай творчасці, дзе і нараджаюцца з магутных дубоў будучыя творы мастацтва.

Пленэр арганізаваны ўпраўленнем культуры Брэсцкага авлвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” і аддзелам культуры Іванаўскага райвыканкама.