“Майстар. Творца.Паляшук.”

 

28 кастрычніка а 16 гадзіне ў выставачнай зале ДзУК “Брэсцкі АГКЦ” адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Івана Піліпавіча Супрунчыка “Майстар. Творца.Паляшук.”, прысвечанай 80-гадоваму юбілею.

Іван Піліпавіч Супрунчык нарадзіўся 23 кастрычніка 1942 года і жыве па цяперашні час у вёсцы Цераблічы Столінскага раёна. Узнагароджаны  спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “народная творчасць” (2001). Лаўрэат ВДНГ СССР (1987,1989), адзначаны Прэміяй Прафсаюзаў БССР у галіне мастацтва і культуры (1990), Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” (2000) і Гран-пры ярмаркі-конкурсу народных рамёстваў і промыслаў фестывалю “Славянскі базар” (2005). Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, Ганаровы паляшук, Народны майстар Беларусі.

У сваёй роднай вёсцы майстар стварыў Цэнтр драўляных скульптур, які наведваюць не толькі жыхары нашай краіны, але і замежныя госці.

Персанальныя выставы драўлянай скульптуры адбыліся ў Гродна, Мінску, Кіеве, Маскве, Брэсце, Маларыце, Бельск-Падляшскім (Польшча). Скульптуры і скульптурныя кампазіцыі знаходзяцца ў музеях Масквы, Мінска, Гомеля, Брэста, Кобрына, в.Моталь Іванаўскага раёна, Бельска-Падляшскага, Любліна (Польшча).

На выставе “Майстар. Творца. Паляшук.” прадстаўлены скульптурныя кампазіцыі, графічныя і жывапісныя работы твораў Івана Супрунчыка, якія адлюстроўваюць старажытныя абрады, святы, традыцыі, што сабраў і запісаў майстар і выканаў іх у дрэве і жывапісу.

Выстава будзе доўжыцца да 13 лістапада.