З 02 па 18 снежня 2022 года ў малой выставачнай зале ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” (г. Брэст, вул. Савецкая, 54) пачала сваю працу абласная выстаўка дзіцячага малюнка “Рознакаляровы настрой”, прысвечаная Году гістарычнай памяці.
У выстаўке прынялі ўдзел выхаванцы непрафесійных аматарскіх калектываў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Брэсцкай вобласці, гурткоў, студый і творчых аб’яднанняў раённых і гарадскіх устаноў культуры.
Свае працы прадставілі навучэнцы дваццаці розных дзіцячых аматарскіх калектываў. Было атрымана звыш ста прац, выкананых у розных жанравых накірунках і ў розных тэхніках выканання (жывапіс – акварэль, гуаш; графіка – пастэль, аловак, туш, дэкаратыўна-прыкладнога кірунку – выцінанка, роспіс па шкле, разьба па дрэве і г.д.). Па выніку ў выставачнай экспазіцыі, пададзенай у малой зале, налічваецца каля сямідзесяці прац.
Юныя мастакі пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў стварылі мноства твораў, што адлюстроўваюць прыгажосць роднага беларускага краю, побыт і традыцыі людзей, гістарычныя падзеі. Дзіцячыя працы аб’ядноўвае любоў да роднай зямлі і да творчасці.
Дадзены арт-праект скіраваны на падтрыманне і развіццё не толькі таленавітых адораных дзяцей у вобласці выяўленчага мастацтва, але і тых, хто ўпершыню спрабуе сябе ў гэтым кірунку.
Запрашаем усіх ахвотнікаў наведаць свет дзіцячай творчасці.