
20 мая 2023 года этнаграфічны падворак “Каля плэса” музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” напоўніцца аўтэнтычнымі спевамі і танцамі, традыцыйнымі гульнямі ды выставамі саломапляцення і выцінанкі. Бо адбудзецца там абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак” і абласны этнаканцэрт “Рух зямлі”. Свята сабярэ каля двухсот хлопчыкаў і дзяўчынак нашай вобласці (а гэта адзінаццаць дзіцячых фальклорных калектываў), якія прадэманструюць шаноўнаму журы і публіцы танцы, спевы, вусную народную творчасць і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, што навучыліся ад носьбітаў фальклору, ад сваіх бабуль і дзядуль.
Гасцямі свята стануць Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны клуб аматараў фальклору “Вясковая табала” Маларыцкага раёна і ўзорны ансамбль народных духавых інструментаў “Дударыкі” Ганцавіцкага раёна.
Пад час абласнога этнаканцэрта “Жывая культура Берасцейшчыны” з цыкла “Рух зямлі” гледачы пазнаёмяцца з унікальнымі песнямі, танцамі і гульнямі нашай вобласці.
На працягу фестывалю будзе дзейнічаць выстава-продаж вырабаў майстроў саломапляцення і выцінанкі. Таксама можна будзе пакаштаваць блюда з таркаванай бульбы з розных куткоў Берасцейшчыны. Для дзяцей адбудзецца гульнёва-забаўляльная праграма “Шпаркая гарэза”.