ТАНОЧАК 2023

20 мая 2023 года ў шосты раз адбыўся абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”.

Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” і Драгічынскі райвыканкам.

Этнаграфічнае падвор’е “Каля плэса” музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” Драгічынскага раёна напоўнілася пералівамі народых мелодый, гукамі традыцыйных спеваў і пахам духмяных страў. Звыш чатырохсот удзельнікаў з’ехалася на фестываль з розных куточкаў Брэсцкай вобласці. Адзінаццаць аматарскіх калектываў вобласці спаборнічалі ў абласным аглядзе-конкурсе дзіцячых фальклорных калектываў. Кожны ўдзельнік прадэманстраваў сваё майстэрста ў спевах, танцах, найгрышах, вуснай народнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Для наведвальнікаў і удзельнікаў свята была арганізавана гульнёвая праграма “Шпаркая гарэза”. У якасці гасцей фестывалю выступілі Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны фальклорны калектыў “Вясковая табала” Хаціслаўскага сельскага Дома культуры Маларыцкага раёна і ўзорны ансамбль народных духавых інструментаў “Дударыкі” Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.

У межах фестывалю прайшоў абласны семінар-практыкум для кіраўнікоў фальклорных калектываў.

На працягу ўсяго свята дзейнічала выстава саламяных вырабаў і выцінанкі “Папяровыя дзівосы ды саламяныя выкрунтасы”, а таксама выстава страў з таркаванай быльбы “Картаплянае баляванне”.

Завяршыў фестывальны дзень абласны этнаканцэрт “Жывая культура Берасцейшчыны” з цыкла “Рух зямлі”. На этнаканцэрце давялося далучыцца да чароўнага хараства фальклорнага мастацтва, пабачыць унікальныя танцы, пачуць мясцовыя песні і найгрышы, замілавацца самабытнасцю і непаўторнасць Берасцейшчыны.