Выстаўка твораў Наталлі Кулецкай “Карагод папяровых карункаў”

Выстаўка твораў Наталлі Кулецкай “Карагод папяровых карункаў”

Выстаўка твораў Наталлі Кулецкай “Карагод папяровых карункаў”, народнага майстра Беларусі, сябра ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, прысвечана арыгінальнаму, цікаваму, калісьці даволі пашыранаму, затым практычна забытаму, а сёння адроджанаму на новым узроўні віду народнай творчасці – мастацкаму выразанню з паперы.

У 2021 г. беларуская выцінанка ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Жыхарам і гасцям Берасцейшчыны прапануецца справаздача творчай дзейнасці, прысвечаная пяцідесяцігоддзю майстра. Ад зямлі роднай вёскі Чамялы, што на мяжы Палесся і Панямоння, Наталля Міхайлаўна чэрпае любоў да народнай творчасці. Своеасаблівы карагод вобразаў і сюжэтаў арганічна стлятаецца ў паэтычную карціну роднага краю.

Наведванне аўтарскай выставы Наталлі Кулецкай для значнай часткі публікі можа стаць сапраўдным адкрыццём. Немудрагелістае слова “выцінанка” можа аказацца глыбей і складаней за тое, што звычайна ўяўляюць сабе, таму што сучасная выцінанка – гэта не толькі ўпрыгожванні для дома, але творы станкавага мастацтва, у якое з цягам часу арганічна пераўтварылася народная папяровая фантазія.