З 26.04. па 12.05. 2024 года ў выставачнай зале ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” адбудзецца выставачны праект, прысвечаны 110-годдзю “Чорнага квадрата” Казіміра Малевіча, які стаў візуальным штуршком новага арт-руху, выклікаўшы за час свайго існавання тысячы спрэчак.
“Чорны квадрат” – самы знакаміты твор Казіміра Малевіча. Яго назва стала метафарай радыкальнасці мастацкага мыслення. Квадрат увасобіў з максімальным лаканізмам ідэю “абсалютнага нуля”, пачатку і канца ўсіх формаў, з’яў, светаў. Квадрат у сваім філасофскім значэнні заставаўся не да канца разгаданай загадкай і для свайго стваральніка.
На выставе Беларускага саюза мастакоў “1,10” прадстаўлены працы сучасных беларускіх аўтараў, якім неабыякава творчасць авангардыстаў пачатку ХХ стагоддзя. Гэта амаж вялікаму звяргальніку традыцый Казіміру Малевічу. І таксама спроба прадоўжыць яго вопыт, дадаўшы да дзесятай часткі квадрата сваю адзінку, і такім чынам пашырыць і нашы межы знаходжання новых сэнсаў у знаёмых рэчах.
Выставачны праект спрабуе прасачыць сённяшнюю “лінію жыцця” “Чорнага квадрата”– на ўзроўні ідэі, формы, знака, матыву, сімвалічнага прадмета. Для прадстаўленых у экспазіцыі мастакоў дыялог з “Чорным квадратам” – пластычная гульня, з мноствам варыянтаў хадоў і камбінацый. Простыя формы, з якіх ў свой час складаліся супрэматычныя кампазіцыі, сталі першаасновай для творчых эксперыментаў нашых сучаснікаў.
Выстава працягвае сінтэтычны падыход авангарду ХХ стагоддзя да творчасці. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, скульптура, шкло, кераміка, метал, фатаграфія, арт-аб’екты. У праекце прымаюць удзел сябры Беларускага саюза мастакоў з Мінска і ўсіх рэгіёнаў Беларусі, дызайнеры, творчая моладзь, усе зацікаўленыя тэмай творцы. У экспазіцыі сабраны работы мастакоў розных пакаленняў, розных відаў і жанраў мастацтва.
Галоўнае ў выставе – нават не тэма, зададзеная куратарамі, а сам дух наватарства ў творчасці, які працягвае ідэі Казіміра Малевіча.