VIII Міжнародны пленэр ганчароў

З 28 ліпеня па 4 жніўня ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна адбыўся чарговы VIII Міжнародны пленэр ганчароў, які ладзіцца з 2008 года, і, раз у два гады збірае абураных сваёй справай майстроў з усяго свету. У гэтым годзе, акрамя берасцейскіх майстроў, у пленэры ўзялі ўдзел госці з г. Уфы (Рэспубліка Башкартастан), з г. Скапін Разанскай вобласці (Расія), з
г. Смаленск (Расія), таксама завіталі майстры з Мінскай і Магілёўскай абласцей Беларусі.

Гарадная гасцінна прыняла на сваёй зямлі ўсіх, хто завітаў да яе, каб дакрануцца да самых каранёў традыцыі і адчуць сувязь пакаленняў, а загадчык Цэнтра ганчарства, на базе якога праходзіла мерапрыемства, Васіль Казачок, кожны дзень знаёміў удзельнікаў і гасцей пленэра з сакрэтамі ганчарнай справы – распавядаў і праводзіў экскурсіі, паказваў майстар-класы па вырабу ганчарных твораў, кіраваў абпалам гатовых вырабаў. Праграма пленэра была вельмі насычанай: ад паседжання круглага стала, за якім абсуджалась тэма неабходнасці зберажэння традыцыі, да культурна-асветніцкай праграмы, пад час якой былі арганізаваны экскурсіі ў Цэнтр драўлянай скульптуры в. Цераблічы да народнага майстра Беларусі Івана Супрунчыка, мастацкую майстэрню да таленавітага мастака Сяргея Місюна, у раённы краязнаўчы музей
г. Століна, і, абавязкова, у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, удзельнікі пленэра наведалі мемарыяльны комплекс “Стасіна”, каб хвілінай маўчання ўшанаваць памяць загінуўшых у горкі час вайны жыхароў століншчыны і ўсклалі ў іх памяць жывыя кветкі.

На прыканцы пленэра было арганізавана вялікае свята “Гараднянскі кірмаш”. Са сцэны ўсім удзельнікам былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі, для ўсіх гасцей свята адбыўся абласны этнагарафічны канцэрт “Рух зямлі” аматараў народнай фальклорнай песні.

Жыве Гарадная, жыве яе традыцыя ганчарнай справы, жывуць людзі якім неабыякава зямля сваіх прадзедаў. Няхай жа ім заўсёды свеціць сонца і працавітыя рукі натхняюць традыцыі родных мясцін.