Абласны пленэр мастакоў “Краявіды Івацэвіцкага краю”, арганізаваны дзяржаўнай установай культуры “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, распачаў сваю дзейнасць 26 жніўня ў горадзе Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Амаль тыдзень мастакі Брэстчыны працавалі над стварэннем сваіх пленэрных твораў каб прадставіць іх 31 жніўня пад час правядзення святочных мерапрыемстваў ХХХІ Дня беларускага пісьменства.
Удзельнікі пленэра – гэта настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў, мастакі-аматары, людзі, з прафесійнай мастацкай адукацыяй і не толькі. Брэст, Бяроза, Ганцавічы, Камянец, Кобрын, Ляхавічы, Лунінец, Пінск – “геаграфія мастацтва” ахоплівае амаль палову Брэсцкай вобласці! І, канечне, у пленэры прынялі ўдзел і ўраджэнцы Івацэвіцкага раёна – Віктар Такарчук і Віктар Сагановіч, выставы якіх асобна прадстаўлены на святочных пляцоўках горада.
Тэма пленэра падтрымліваецца яго назвай і адлюстроўвае асобнае пачуццё мастака да наваколля.
Правядзенне такога роду мерапрыемстваў – важны элемент творчага працэсу, дапамагаючы станаўленню талента маладых мастакоў і пераемнасці перадачы творчага опыту маладым ад больш сталых майстроў жывапісу.