Позірк Валянціны Татарнікавай

Выстаўка прымеркаваная да юбілею мастачкі і прадстаўляе выбраныя творы, датаваныя ад 70-80 гг. мінулага стагоддзя да сенняшніх дзён. Аснова экспазіцыі і жанравага напрамку творцы – гэта партрэт. Гледачу прапаноўваецца сустрэцца позіркамі са сваімі сучаснікамі, вобразы якіх ўвасобілі працы мастачкі. Збор умяшчае як партрэты добра вядомых у мастацкіх колах Брэста асобаў, так і твары з сямейнага і сяброўскага асяроддзя. Схопленае імгненне, зафіксаваная на паперы няўлоўная адметнасць чалавечага позірку, раскрыццё характару і эмоцыі праз мастацкае пераасэнсаванне аблічча – вось сутнасць творчага метаду мастачкі і найбольшая каштоўнасць у яе працах. Мастацкі матэрыял твораў – пастэль, вугаль, акварэль. Таксама на выставе прысутнічаюцць акварэльныя пейзажы і нацюрморты, якія адрознівае шырокі вольны падыход і лірычны настрой твораў.

Нарадзілася Валянціна Татарнікава ў 1944 у в. Грыбаўцы пад Ваўкавыскам, мастацтву навучалася на мастацка-графічным факультэце Віцебскага ўніверсітэта.

Сябра ГА “БСМ” з 2000 г.

Творы мастачкі знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях у Беларусі.

Жыве і працуе ў Брэсце.