Абласная выстава майстроў народнай творчасці “Вясновыя напевы”

З 25 красавіка па 11 мая 2025 года ў выставачнай зале ДУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” (г. Брэст, вул. Савецкая, 54) пройдзе I Абласная выстава майстроў народнай творчасці “Вясновыя напевы” Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”. Урачыстае адкрыццё выставы – 25 красавіка ў 15.00 гадзін.

“Вясновыя напевы” – выстаўка, якую ладзіць упершыню Брэсцкае абласное аддзяленне ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”, дзе будуць прадстаўлены больш за 200 работ ў разнастайных тэхніках і матэрыялах: мастацкая апрацоўка дрэва і разьба, лоза-, саломапляценне і мастацкая апрацоўка саломы, вышыўка і ткацтва, роспіс на шкле, выцінанка, карункапляценне, народныя лялькі, ганчарства, пісанкі, кавальства, гліняная цацка, валянне і інш.

У экспазіцыі выставы прадстаўлены творы 29 сучасных майстроў народнай творчасці Брэсцкай вобласці, з якіх 20 – члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці (старшыня ГА “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці” – Яўген Міхайлавіч Сахута, доктар мастацтвазнаўца, прафесар) і 9 майстроў, якія прэтэндуюць на ўступленне ў гэты творчы саюз. Акрамя таго, сярод удзельнікаў выставы, прысутнічаюць майстры з ганаровым званнем “народны майстар Беларусі” – Мікалай Валошчык
(г. Белаазёрск), Святлана Вяль (г. Брэст), Таццяна Зданевіч (г. Бяроза), Наталля Кулецкая (в. Дубітава, Івацэвіцкі раён), Ірына Коваль (г. Жабінка), Марыя Кулецкая (г. Пружаны), Васіль Логвін (г. Брэст), Юрый Рубан
(г. Бяроза), Анатоль Туркоў (г. Каменец), Наталля Ярмоцык (г. Бяроза), Ала Назарук (г. Маларыта).

Асноўныя мэты выставы – адраджэнне, захаванне, развіццё нацыянальнай культуры, традыцыйнага народнага мастацтва, рамёстваў і промыслаў; дзе для кожнага гледача ёсць магчымасць дакрануцца да розных граняў творчаці аўтараў работ, да духоўнай спадчыны Беларусі, захапіцца добрай энергіяй людзей, якія верна і самааддана працуюць дзеля захавання духоўных каштоўнасцей беларускай народнай культуры і яе традыцый.