Абласны песенны форум “З любоўю да песні”

23-25 мая 2025 года горад Іванава на некалькі дзён стане цэнтрам вакальна-харавога мастацтва Брэсцкай вобласці. Менавіта тут, у культурнай сталіцы Беларусі-2025, адбудзецца абласны песенны форум “З любоўю да песні”, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Мерапрыемства аб'яднае звыш 800 удзельнікаў з усёй Берасцейшчыны.

Падчас форуму адбудуцца конкурсы па розным вакальна-харавым накірункам. Удзельнікі творчых калектываў – дзеці і дарослыя – прадэманструюць сваё майстэрства ў акадэмічнай і народнай манеры выканання, а ўсе госці свята змогуць паглядзець выступленні як ансамбляў і хароў, так і асобных выканаўцаў.

У рамках абласнога песеннага форуму “З любоўю да песні” гасцей і ўдзельнікаў свята чакае шэраг розных мерапрыемстваў – конкурсы па розных намінацыях; майстар-класы; канцэрт Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца “Палескія зоры” Пінскага гарадскага Дома культуры і лепшых калектываў Брэстчыны “Спявай, красуй, Палессе!”; канцэрты духоўнай музыкі “Песнь Песень” у храмах і народнай музыкі ў сельскіх Дамах культуры Іванаўскага раёна; а таксама гала-канцэрт пераможцаў конкурсаў і іншыя творчыя сустрэчы. Завяршыцца форум агульным выступленнем вялікага зводнага хору ў гарадскім парку Перамогі.

Арганізатарамі форуму выступаюць упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама, ДУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, Іванаўскі райвыканкам.