З 19 верасня па 5 кастрычніка 2025 года адбудзецца выстава памяці Алеся Родзіна – выбітнага беларускага мастака-авангардыста, жывапісца, графіка і перформера.
Алесь Родзін (Аляксандр Іванавіч Родзін, 1947-2022) – адна з найяскравейшых постацяў сучаснага беларускага мастацтва. Ён нарадзіўся ў Баранавічах, жыў у Мінску, і менавіта адтуль пачаўся яго вялікі шлях у мастацтве. Беларусь стала для яго духоўным падмуркам, але яго творчасць заўсёды мела сусветнае гучанне.
Мастацкая спадчына Родзіна прадстаўлена маштабнымі палотнамі, насычанымі міфалагічнымі і футурыстычнымі вобразамі.
На працягу дзесяцігоддзя (2001-2012) ён быў рэзідэнтам легендарнага берлінскага арт-цэнтра Kunsthaus Tacheles, дзе ладзіў выставы, перформансы і майстар-класы.
Таксама Родзін стаў адным з ініцыятараў фестывалю эксперыментальнага мастацтва “ДАХ”, які з 2001 года аб’ядноўвае мастакоў і даследчыкаў з розных краін.
Выстава “ГІБЕРНАЦЫЯ. ВЫЙСЦЕ” – гэта не толькі ўшанаванне памяці мастака, але і мастацкая метафара.
Гібернацыя – стан прыпыненага жыцця, маўчання і чакання.
Выйсце – прачынанне, адраджэнне, пераход у новы стан.
У гэтым спалучэнні назва сімвалізуе пераломны момант паміж забыццём і памяццю, паміж цішынёй і голасам. Творчасць Алеся Родзіна выходзіць за межы часу: яна працягвае жыць, адкрываць новыя сэнсы і гучаць у сучаснасці.
Гэта выстава – нагода зноў сустрэцца з яго мастацтвам, убачыць яго ў святле сённяшняга дня і ўспомніць пасланне мастака, якое ён пакінуў як творца і як чалавек.








