З 19 снежня 2025 года да 11 студзеня 2026 года ў выставачнай зале ДУК “Брэсцкі АГКЦ” (г. Брэст, вул. Савецкая, 54) пачне працу сумесная выстаўка да 70-гадовага юбілею членаў Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Беларускі саюз мастакоў” Леаніда Валасюка і Леаніда Тарабука “Кола жыцця”.
Творчасць мастакоў прадстаўлена рознымі напрамкамі: жывапіс, графіка і скульптура. Леанід Валасюк працуе ў галіне манументальна-дэкаратыўнага і станкавага жывапісу, станкавай і кніжнай графікі, займаецца дызайнам інтэр’ераў і экстэр’ераў. З 1981 года ўдзельнік абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Правёў 16 персанальных выстаў у Брэсце. Аформіў вялікую колькасць кніжак паэзіі і прозы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар 16 кніг паэзіі і прозы.
Леанід Тарабука працуе ў галіне станкавай і манументальнай скульптуры. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (зараз Беларуская акадэмія мастацтваў), працаваў (акрамя іншага) ў Віцебскіх мастацка-вытворчых майстэрнях, Віцебскім камбінаце “Мастацтва” і Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1976 года (больш чым у 60, у тым ліку 6 персанальных). Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1999 года.
Урачыстае адкрыццё выстаўкі адбудзецца а 16 гадзіне 19 снежня. Запрашаем усіх жадаючых пазнаёміцца з творчасцю мастакоў!








