З 23 кастрычніка па 8 лістапада 2026 года ў выставачнай зале
ДУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” (г. Брэст, вул. Савецкая, 54) будзе праходзіць выстаўка “Традыцыі па-за часам: творчасць, натхненне, майстэрства”, да 25-годдзя творчай дзейнасці абласнога клуба майстроў народнай творчасці “Скарб”.
Абласны клуб майстроў народнай творчасці “Скарб” быў створаны ў 2001 годзе пры Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. Ён аб’яднаў майстроў, якія працуюць у розных жанрах і відах народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з розных куткоў Брэсцкай вобласці.
Галоўная мэта работы клуба – захаванне традыцыйнай культуры рэгіёна. Салома і лозапляценне, бондарства і разьба па дрэве, ганчарства і кераміка, ткацтва і вышыўка, роспіс па шкле і выцінанка дэманструюцца на шматлікіх рознаўзроўневых мерапрыемствах. За гады свайго існавання клуб “Скарб” дапамог распачаць творчую дзейнасць многім таленавітым майстрам вобласці.
За час існавання клуба была праведзена вялікая праца: наладжаны шэраг выстаў і майстар-класаў па аднаўленню рэдкіх унікальных рамёстваў, праведзены шматлікія семінары і канферэнцыі, атрыманы шматлікія ўзнагароды.
У выстаўцы прымаюць удзел 35 майстроў народнай творчасці, 22 з іх маюць ганаровы статус “народны майстар Беларусі”. Магчымасць супрацоўнічаць з аднадумцамі, шукаць новыя шляхі да творчага развіцця, пастаянныя вандроўкі – усё разам спрыяе творчаму росту кожнага ўдзельніка.
Запрашаем усіх жадаючых пазнаёміцца з новай выставачнай экспазіцыяй і атрымаць добрыя ўражанні!








