“Лунінецкія клубніцы”

                                ЧАРОЎНАЯ ЯГАДА КЛУБНІКА

             Брэстчына – рэгіён з багатай культурнай спадчынай,  дзе кожны куточак славіцца сваімі непаўторнымі традыцыямі і звычаямі. Так, установы культуры Лунінеччыны не толькі забяспечваюць захаванне  і развіццё культурных традыцый, але і займаюцца пошукам новых брэндаў свайго краю, тым самым садзейнічаюць папулярызацыі культурных дасягненняў, развіццю аграэкатурызму. Сведчаннем таму  з’яўляецца раённае свята “Лунінецкія клубніцы”, якое адбылося 25 чэрвеня 2016 г. у в. Дварэц Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. 

         Мерапрыемства атрымалася цікавым і маштабным. Дзейнічала шмат пляцовак: горад майстроў, клубнічныя падвор’і  “Калі ласка, запрашаем!”, літаратурная паляна “Самая смачная ягада” (выстава літаратуры), паэтычны дворык “Размаўляем аб клубніцах”; вясёлая паляна “Клубнічны калейдаскоп” (гульні, забавы, аква-грым, атракцыёны, горкі, батуты); спартыўная паляна (сілавы экстрым, дартс і інш.).

           Свята пачалося з урачыстага шэсця “Клубнічны парад”, якое ўзначальвала галоўная “гераіня” – яе вялікасць Каралева Клубніка ў суправаджэнні сваіх жыхароў і гасцей - дэлегацый з суседніх раёнаў (Столінскага, Ганцавіцкага, Пружанскага).

          У канцэртнай праграме “Наш клубнічны край”  гучалі песні ў выкананні аматарскіх калектываў (народны клуб аматараў песні “Ярок” Столінскага раёна, вакальная група “Шчырым сэрцам” Пружанскага раёна, народнае аматарскае аб’яднанне “Талака” Ганцавіцкага раёна і інш.).

      Увечары гасцей свята чакала дыскатэчная праграма “Клубнічны MIX”.

 

Добавить комментарий