ЛІРЫЧНЫЯ МЕЛОДЫІ ВОСЕНІ мастака Леаніда САЛАЎЁВА

Леанід Мікалаевіч САЛАЎЁЎ – з’ява ў мастакоўскім жыцці нашага краю. Ён выдатны лірык пейзажу, цудоўны чалавек па жыцці. Таму вельмі прыемна адзначыць, што гэты чалавек-творца плённа працуе на карысць выяўленчага мастацтва Берасцейшчыны і Беларусі да гэтага часу...
Менавіта ў жанры пейзажу найбольш яскрава праявіліся творчыя асаблівасці почырку Леаніда Мікалаевіча: шырокая манера пісьма, стрыманы каларыт, абагульнены вобраз краявіду. Жывапіс мастака, акварэлі прывабліваюць сваім колерам, напоўненасцю дабрынёй і пяшчотай. Асабліва гэта датычыцца восеньскай пары і веснавога абуджэння прыроды з плямамі белага снегу і сінечай чыстага неба з адбіткамі яго ў талай вадзе. Мастак імкнецца ўзвышана-паэтычна трактаваць лірычныя матывы мясцін Берасцейшчыны, якія даўно сталі яму роднымі.

Нарадзіўся Леанід Салаўёў 9 снежня 1936 года пад сузор’ем Стральца ў вёсцы Дзюкава на паэтычнай зямлі Валагодчыны. У сям’і было чацвёра дзяцей. З пачаткам вайны ўсе сямейныя цяжкасці ляглі на плечы маці, бо бацька, Мікалай Аляксандравіч, у 41-м адправіўся на фронт, дзе загінуў у 1944-м.
Маці, Аляксандра Дзмітрыеўна, працавала на чыгунцы, а калі ў 1945-м расфарміравалі яе базу ў Волагдзе і перавялі ў Брэст-Літоўск, дык жыццё сям’і павярнулася так, што ў чэрвені 1945 года, адразу пасля Перамогі, туды і пераехалі.
У тым жа годзе Леанід пайшоў у першы клас 8-й пачатковай школы непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Пасля заканчэння восьмага класа ў 1953 годзе паступіў у Крымскае абласное мастацкае вучылішча імя М. Самокіша, якое скончыў у 1958-м і адразу пайшоў на службу ў Савецкую Армію. Апынуўся ў Грузіі, нават не паспеўшы пабачыцца і развітацца з роднымі.
Пасля войска працаваў мастаком-афарміцелем у мастацка-вытворчых майстэрнях у Брэсце. Але што б не рабіў, галоўным па жыцці была творчасць. Жывапісныя творы Леаніда Салаўёва заўжды прысутнічалі на ўсіх абласных мастацкіх выставах. Але для яго гэта было недастаткова: ён імкнуўся ўдзельнічаць на рэспубліканскіх і міжнародных выставах.
Леанід Мікалаевіч шмат працуе ў любімых жанрах – пейзаж, нацюрморт, партрэт. Ён любіць не толькі перадаваць на палотнах характэрны настрой натуры, але і прыўносіць у твор нешта сваё, сакравеннае, – тое, што ідзе з самай глыбіні душы.
У тыя савецкія часы без спецыяльнай вышэйшай адукацыі і неабходнай колькасці рэспубліканскіх выстаў у Саюз мастакоў не прымалі нікога.
Таму мастак Салаўёў прагна працуе, а ўжо потым паступае і паспяхова заканчвае вучобу ў Украінскім паліграфічным інстытуце імя І. Фёдарава ў Львове ў 1984 годзе. У 1989-м ён становіцца членам Саюза мастакоў СССР (цяпер з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі). У 2006 годзе ён быў узнагароджаны медалём “За ўнёсак у выяўленчым мастацтве” Саюзам мастакоў Беларусі.
Жывапісныя творы і акварэлі мастака Леаніда Салаўёва знаходзяцца ў розных музеях Беларусі, Украіны, Расіі, а таксама ў прыватных калекцыях у Польшчы, Германіі, Канадзе і інш.
Леанід Мікалаевіч чулы і ўважлівы чалавек, выдатны майстар пейзажнага жывапісу. Ён заўсёды ў выдатнай творчай форме. Надоўга запомніліся яго такія жывапісныя творы, як “Партрэт студэнткі”, “Партрэт польскай дзяўчыны”, “Нацюрморт з бэзам”, “Рака Лясная”, “Вясенні блакіт”, “Брэсцкая крэпасць”, “Усмешка-восень”, “Бабіна лета”. Асабліва ўражвае вялікіх памераў пейзаж “Стары масток”, які быццам абагульняе ўсе яго папярэднія палотны, дадае значны філасофскі сэнс творам мастака. Масток паміж мінулым і сённяшнім, паміж сённяшнім і будучыняй праз раку жыцця.
У плённай працы мастака Леаніда Салаўёва заўсёды прысутнічае верны сябар – жонка Вера Сцяпанаўна – і двое хлопцаў-сыноў: Мікалай і Уладзімір. Ёсць і трое ўнукаў. Якія ж могуць быць перамогі без надзейнага тылу?!.
Сціплы, душэўны чалавек, апантаны мастак, Леанід Мікалаевіч займаецца жывапісам нягледзячы ні на якія жыццёвыя перашкоды, што падкідвае ўсім нам пераломная эпоха стагоддзяў і тысячагоддзяў... Асабліва цяпер, калі ўжо колькі гадоў прысутнічае статус пенсіянера. А за спінаю засталіся доўгія гады плённай працы ў унітарным прадпрыемствы “Мастацтва”. Ён і цяпер, як заўжды, мае добры настрой і сілы на жывапіс. Для сябе ён лічыць пленэры, натуру ў творчай працы ў жывапісе і акварэлі лепшымі настаўнікамі па жыцці.
Тонкі каларыст, мастак Леанід Салаўёў і па жыцці чулы і ўважлівы бацька і сябра. З ім побач заўсёды сябе лёгка адчуваеш: будзь то сяброўская размова ці нейкая сумесная праца.

Леанід ВАЛАСЮК,
член Саюза мастакоў Беларусі,
член Саюза беларускіх пісьменнікаў

 

Абуджэнне

Пачуццi восеньскiя г.Высокае

Цёплы вечар

Добавить комментарий