08.02.2017 г. у выставачнай зале ДзУК “Брэсцк і абласны грамадска-культурны цэнтр” (вул. Савецкая, 54) у 17.00 упершыню адкрылася выстава Беларускага саюза дызайнераў “Беларускі плакат: візуальны код часу”.
На выставе прадстаўлена больш за пяцьдзесят плакатаў розных часоў, выкананых беларускімі аўтарамі, пачынаючы з малавядомых шэдэўраў даваеннага перыяду да твораў У. Цэслера, В. Войчанкі, А. Кітаевай,
Д. Сурскага, Т. Гардашнікавай, Р. Найдзена, Ю. Тарэева і іншых знакамітых аўтараў.
Для праекта ёсць дзве нагоды – па-першае, трыццацігоддзе Беларускага саюза дызайнераў, творчага саюза, які аб’ядноўвае больш за 600 спецыялістаў у вобласці дызайна ўсіх напрамкаў (прамысловы, графічны, фэшн-дызайн, дызайн інтэр’ераў, віртуальнага асяроддзя, фотаграфіка, арт-менеджмент і педагогіка); плакат – адна з найбольш відавочных і выніковых праяў дызайн-дзейнасці ў Беларусі. Па-другое, выстава – гэта запланаваная частка буйнамаштабнага доўгатэрміновага праекта па захаванню спадчыны беларускага плаката, вынікам якога стане стварэнне лічбавага архіву, сайту і альбома-каталога.
Беларускі плакат – мастацкі твор, крыніца інфармацыі, гістарычны дакумент, між іншых відаў мастацтва заслугоўвае асаблівай увагі. Ён, як нацыянальная мастацкая з’ява – найбольш вядомы і прызнаны па-замежамі нашай краіны, дзякуючы перамогам у прэстыжных міжнародных конкурсах і біенале. Беларускія плакаты знаходзяцца ў буйнейшых музеях і калекцыях свету (музей плаката ў Вілануве (Варшава, Польша), Мараўскай галерэі (Брно, Чэхія), Луўры (Парыж, Францыя), музеі плаката ў г. Лахці (Фінляндыя), музеі плаката ў г. Таяма, Осака (Японія), Смітсанаўскім інстытуце (ЗША) і інш.). Пры гэтым, у Беларусі для многіх плакат застаецца своеасаблівай “terra incognita”. Варта наўпрост прыйсці і пераканацца ў значнасці і прыгажосці гэтага віда мастацтва.
Выстава працягнецца да 22 лютага 2017 года.