“Таночак”

   Абласное свята фальклорнага мастацтва  “Таночак”

 

Брэсцкі аблвыканкам, ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр”, Драгічынскі райвыканкам 21 мая 2017 года ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна на этнаграфічным падвор’і “Каля плэса” музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” праводзіць абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак”.

У рамках свята адбудзецца абласны агляд-конкурс дзіцячых фальклорных калектываў, у якім плануецца ўдзел лепшых дзесяці калектываў вобласці, што былі абраны журы пад час раённых праглядаў. На падвор’і збярэцца каля двух соцен дзяцей, якія перанялі ад бабуль і дзядуль песні, танцы, легенды і паданні.


Пад час свята выступяць аўтэнтычныя гурты з Ганцавіцкага, Брэсцкага, Івацэвіцкага, Пружанскага, Маларыцкага, Драгічынскага раёнаў, фальклорны гурт “Горынь” з горада Мінска.

Галоўным акцэнтам свята ў гэтым годзе стане паказ аўтэнтычных і адноўленых касцюмаў вобласці “Модны стыль – народны тэкстыль”. Амаль усе раёны прадставяць калекцыі аўтэнтычных і адноўленых па старажытным узорам рэканструяваных касцюмаў. Для гледача гэта ўнікальная магчымасць на адным падворку пабачыць каля двухсот народных строяў: знакамітую дывінскую і радастаўскую свахі, бездзежскую “паву”, давід-гарадоцкую “галовачку”, маларыцкую “бурку”, мотальскія кажушкі і многія іншыя непаўторныя элементы самабытных касцюмаў. Наведвальнікі мерапрыемства будуць мець магчымасць сфатаграфавацца з артыстамі ў народных строях і прывезці дадому на ўспамін самыя яркія моманты свята!

На працягу ўсяго свята будзе дзейнічаць выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці  і традыцыйнай кухні. Для дзяцей будуць праводзіцца гульнёва-забаўляльныя праграмы.

Завершыць мерапрыемства этнадыскатэка “Час вяртання”, на якой наведвальнікі свята ў суправаджэнні ўзорнага ансамбля фальклорнага танца “Ліпачка” Ліпніцкага СДК і народнага ансамбля народнай музыкі “Папінскія музыкі” Папінскага СДК Драгічынскага раёна выканаюць самабытныя беларускія танцы.

 

Свята “Таночак” праводзіцца раз у

два гады, ужо трэці раз, і з’яўляецца магчымасцю дакрануцца да каранёў сваіх продкаў.

Запрашаем усіх на свята, а тых, хто прыйдзе ў адзенні сваіх дзядуль і бабуль, чакае сюрпрыз!

Добавить комментарий