“Таночак” 2017

21 мая 2017 года на этнаграфічным  падвор’ку “Каля плэса” музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” адбылося абласное свята фальклорнага мастацтва “Таночак” і абласны конкурс дзіцячых фальклорных калектываў. Адзінаццаць лепшых калектываў, каля двухсот хлопчыкаў і дзяўчынак нашай вобласці, шчыра і адкрыта прадэманстравалі шаноўнаму журы і публіцы танцы, спевы, вусную народную творчасць і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якому навучыліся ад носьбітаў фальклору, ад сваіх бабуль і дзядуль. Дзіцячыя калектывы танцавалі ажно больш за дваццаць аўтэнтычных танцаў.

Пад час свята выступілі фальклорныя калектывы з Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Брэсцкага, Драгічынскага раёнаў і госці з г.Мінска. Сапраўднай жа рызынкай свята стаў паказ аўтэнтычных і адноўленых строяў “Модны стыль – народны тэкстыль”, пад час якога госці свята і ўдзельнікі мелі ўнікальную магчымасць на адным падворку пабачыць каля двухсот народных строяў. Нельга было адарваць позірк ад неверагодных давыд-гарадоцкіх “галовачак”, знакамітых дывінскіх і радастаўскіх свах, бездзежскіх “паў”, мотальскіх кажушкоў, маларыцкіх “бурак” і многіх іншых непаўторных элементаў самабытных касцюмаў.

На працягу свята дзейнічала выстава-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці  і традыцыйнай кухні. Для дзяцей праводзіліся гульнёва-забаўляльныя праграмы.

Добавить комментарий