«АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС».

Упершыню ў Брэсце Беларускі саюз мастакоў прадставіў Рэспуліканскую выставу мастацкага тэкстылю «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС».

Галоўная ідэя заснавальнікаў і арганізатараў арт-праекта «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС» – звярнуць увагу на цудоўны скарб Заходняй Беларусі, адну з найбольш цікавых і непаўторных тэхнік традыцыйнага беларускага тэкстылю, якой з’ўяляецца падвойнае ткацтва, як на жыватворную крыніцу разнастайных тэм і матываў для стварэння сучасных тэкстыльных твораў.

Гэта выстава – унікальная магчымасць азнаеміцца з творчасцю вядучых прафесійных мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У экспазіцыі, акрамя твораў знакамітых аўтараў, прадстаўлены артэфакты беларускіх майстроў падвойнага ткацтва з фондаў музееў Брэста і Мінска, а таксама творы маладых мастакоў.

Сучаснае прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі сфармавалася на асноўных прынцыпах народных і класічных традыцый, створаных па законах прыгажосці і мэтазгоднасці. Веданне гэтых традыцый, майстэрства і ўменне тварыць ў сукупнасці з нестандартным мысленнем – усё гэта адкрывае перад сучаснымі мастакамі бязмежныя магчымасці знаходзіць наватарскія рашэнні і ствараць творы высокай эстэтычнай якасці. Дзвухбаковыя мастацкія тканіны з падвойнай структурай палатна моцна звязаны з міфалогіяй, фальклорам, рэлігіяй, абрадамі, звычаямі і побытам беларускага народа. Яны адметны выразным прыкладам адзінства незвычайнай кампазіцыйнай пабудовы, характэрнага арнаменту і сваеасаблівага каларыту. Арганізатары заклікаюць сучасных беларускіх мастакоў да творчага пераасэнсаваньня лепшых гістарычных узораў падвойнага ткацтва, а не іх фармальнага цытавання. Падвойнае ткацтва разглядаецца аўтарамі арт-праекта «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС», як неабходная адпраўная кропка, дзеля выкарыстання удзельнікамі выставы пры раскрыцці тэмы мастацкіх вобразаў у новых творах.

Куратары арт-праекта «АВЕРС-РЭВЕРС-РЭВЕРАНС»: Вольга Рэднікіна, Ала Непачаловіч і Павел Рабаў.

Добавить комментарий