БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ на Рэспубліканскім свяце “Купалле” (Александрыя збірае сяброў)
аг. Александрыя Магілёўская вобласць 11-12 ліпеня 2020 г.
Брэсцкая вобласць на свяце ў Александрыі прадставіла тэматычнае падвор’е “Модны стыль – народны тэкстыль”, якое прадугледжвала паказ традыцыйнай мастацкай культуры Брэстчыны, праз папулярызацыю дзейнасці па адраджэнню, зберажэнню і развіццю традыцыйнага народнага касцюма ў вобласці. Акрамя прыкладаў аўтэнтычнага адзення, былі прадстаўлены рэканструяваныя варыянты мясцовых строяў Брэсцкага і Маларыцкага раёнаў.
Для стварэння экспазіцыі падвор’я былі выкарыстаны экспанаты з фондаў раённага Цэнтра народнай творчасці г. Маларыта (Маларыцкі строй), Брэсцкага раённага Дома рамёстваў ДзУК “Брэсцкая раённая цэнтралізаваная клубная сістэма” (Дамачаўскі строй), а таксама з уласнай калекцыі Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Сцепаніды Сцепанюк з в. Дарапеевічы Маларыцкага раёна.
Акрамя таго, на выставе былі прадстаўлены розныя віды сувенірнай прадукцыі майстроў народнай творчасці Брэсцкага, Маларыцкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага, Лунінецкага, Столінскага раёнаў і г. Пінска. Пляцоўку ўпрыгожылі вырабы з саломы і лазы, драўляныя, ганчарныя і іншыя вырабы.
Пад час работы тэматычнага падвор’я наведвальнікі мелі магчымась пазнаёміцца і ацаніць творчасць народнага ансамбля песні і музыкі “Шляхцічы” Лунінецкага ГДК і народнага клуба аматараў песні “Весніца” Палесскага СДК Лунінецкага раёна.
На цэрымоніі адкрыцця свята “Купалле”, арганізатары стварылі сапраўднае кола народных строяў з усіх куточкаў нашай краіны. Жамчужынай дэфіле сталі аўтэнтычныя касцюмы Маларыцкага і Дамачаўскага строяў, якія з гонарам прадэманстравалі Берасцейцы.