Багатая літаратурная спадчына нашай рэспублікі ўзнікла менавіта дзякуючы павазе і захаванню старажытнай і вельмі прыгожай беларускай мовы. Так 21 лютага, пад час святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, у Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адбылося абласное свята роднай мовы “Жывыя вытокі”.
Адкрыла ўрачыстае мерапрыемства кніжная выстава беларускіх аўтараў з фондаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. На ёй прыхільнікі роднай мовы пазнаёміліся з беларускімі пісьменнікамі, паэтамі і дзеячамі культуры, юбілейныя гадавіны якіх святкуюцца ў гэтым годзе, а таксама дазналіся малавядомыя звесткі з жыцця вядомых беларускіх аўтараў і пісьменнікаў Брэстчыны.
На арт-гадзіне з удзелам фіналістаў абласнога конкурсу чытальнікаў “Дорогой мира и добра” прадстаўнікі Брэсцкага (Вольга Нінічук, Аляксандра Коцелева, Анастасія Брашко), Кобрынскага (Настасся Бенедзясюк, Людміла Бруштын) раёнаў і г.Брэста (Кацярына Карнавухава і Паліна Філіпук) у непаўторнай эмацыйнай форме пазнаёмілі гасцей з творамі знакамітых беларускіх пісьменнікаў.
У канцэртнай зале цэнтра ўдзельнікі народнага драматычнага калектыву “AURA” Драгічынскага гарадскога Дома культуры (кіраўнік Юлія Марачук) прадставілі спектакль сучаснага драматурга Сяргея Кавалёва “Стомлены д’ябал”, які праз яскравыя матывы і вобразы беларускай літаратуры захапіў кожнага сваім непаўторным драматычным светам.
Працяг свята адбыўся у выстачнай зале цэнтра на вуліцы Савецкай, дзе прайшло адкрыццё абласной выставы-прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Брэсцкай вобласці “Жывая спадчына Берасцейшчыны”. Выстава дзейнічала на працягу тыдня з 21 па 28 лютага. У жыхароў і гасцей Брэста была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю народных майстроў Рэспублікі Беларусь, традыцыямі ганчарнай вытворчасці і тэхналогіямі ткацтва падвойных дываноў, з абрадам ваджэння Кусты, традыцыямі веснавых карагодаў і тройчага памінання продкаў, а таксама даведацца аб тэхналогіях вырабу шчэпавай птушкі-абярэга, традыцыях выпякання грэчанага хлеба і аб многім іншым.
Спадзяемся, што кажны прысутны змог атрымаць асалоду ад свята і з нецярпеннем будзе чакаць яго ў наступным годзе.