1 трыенале. Жывапіс, графіка, скульптура “VIVAT VITA”. ВЫБРАНАЕ

25 сакавіка 2021 года ў выставачнай зале ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” адкрываецца выстава “1 трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў “VIVAT VITA”. Выбранае”. Падрыхтавана грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз мастакоў”.

Арт-фестываль выяўленчага мастацтва, у межах якога адбыліся I Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў і выставачны праект “Графіка года”, праходзіў у лістападзе-снежні 2020 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” і стаў самай яркай творчай падзеяй мінулага года.

У экспазіцыі выставы “Выбранае” брэсцкія гледачы пазнаёмяцца з лепшымі творамі гэтых двух праектаў Беларускага саюза мастакоў. Сярод іх – работы аўтараў розных узростаў, розных жанраў, тэхнік, спосабаў і метадаў мастацкага даследавання жыцця. Аб’яднаны яны агульным дэвізам арт-фестываля – “VIVAT VITA” (Жыве жывое мастацтва), а таксама часавым прамежкам стварэння – апошнія тры гады. Спадзяемся, гледачоў закрануць і прымусяць паразважаць філасофскія і сацыяльныя тэмы твораў: пераасэнсаванне важных вех у нацыянальнай і сусветнай гісторыі, культуры, актуальныя пытанні светабудовы, праблемы экалогіі.

У экспазіцыі прадстаўлены работы лаўрэатаў І Трыенале жывапісу, графікі і скульпутры Беларускага саюза мастакоў, выбраныя па розных намінацыях, запрошаным журы з мастацтвазнаўцаў.

Для мастакоў і мастацтвазнаўцаў, гледачоў такія буйныя калектыўныя выставы – гэта не толькі сапраўднае свята, вынік напружанай творчай працы, сустрэча на адной экспазіцыйнай прасторы розных пакаленняў і светапоглядаў, але і своеасаблівы даследчы зрэз. Такія экспазіцыі дазваляюць убачыць, якія пытанні вырашаюць сучасныя мастакі падчас сваіх творчых эксперыментаў. А для уважлівых і зацікаўленых гледачоў – гэта ўнікальная магчымасць не толькі ў адным месцы пазнаёміцца з лепшымі і найбольш арыгінальнымі творамі, але і паспрабаваць прааналізаваць тое, што зараз хвалюе беларускіх творцаў, наколькі беларускае мастацтва здольна рэагаваць на выклікі часу, ці суадносяцца ідэйныя і тэхнічныя эксперыменты з працэсамі, якія адбываюцца ў аналагічных відах мастацтва іншых краін.

Добавить комментарий