
20 жніўня 2022 года ў г.п.Целяханы Івацэвіцкага раёна адбылося ўрачыстае закрыццё XX абласнога пленэру разьбяроў паркавай скульптуры “Целяханскі бічаўнік”. Цягам тыдня шчыравалі над дубовымі калодамі майстры разьбяры з Берасцейшчыны, Міншчыны і Гродзеншчыны, каб увасобіць у дрэве знакамітых персанажаў старажытнага мястэчка.
Вобраз яўрэя, шклодува, фатографа, самабытнага музыкі, дамы з сабачкай, парахода і мудрай савы з кнігай нарадзіліся ў спрытных і таленавітых руках народнага майстра з Камянца Анатоля Туркова, Міколы Скляра з Гародні, Валерыя Манцэвіча з Драгічына, Сяргея Козела з Баранавічаў, Юрыя Рубана з Бярозы і Міколы Задрэйкі з Аляксандрам Жураўлевічам з Міншчыны.
Удзячныя целяханцы таксама сталі як бы сааўтарамі драўляных скульптур, завіхаючыся каля майстроў пад час працы над вобразамі. Многія яшчэ памятаюць герояў увасобленых у дрэве і распавядалі майстрам некаторыя эпізоды з іх жыцця. А на закрыццё пленэра разьбяры, акрамя ганаровых грамат і слоў удзячнасці ад арганізатараў, атрымалі ад целяханцаў кветкі са сваіх хатніх палісаднікаў. Цяпер “целяханскі бічаўнік” зажыве новым жыццём, бо стаў яшчэ прывабней для традыцыйнага нядзельнага адпачынку жыхароў Целяхан і навакольных вёсак.